ПРЫГО́ННЫЯ АРКЕ́СТРЫ І КАПЭ́ЛЫ,
прыватнаўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы ў гарадах і мястэчках магнатаў Беларусі 18—1-й пал. 19 ст. Фарміраваліся з прыгонных сялян (часам папаўняліся прафес. музыкантамі). Капэламі называлі роднасныя змешаныя ансамблевыя калектывы са стр., духавых, ударных, а таксама нар. інструментаў («сялянская музыка», «мінская музыка з цымбаламі» і інш.), ці віды духавых аркестраў («янычарская капэла», т.зв. «янычарня»). Такія аркестры і капэлы стваралі магнаты-меламаны ці мецэнаты. Яны адыгралі значную ролю ў станаўленні прафес. і аматарскага інстр. выканальніцтва на Беларусі. Адным з буйнейшых такіх калектываў была капэла М.К.Радзівіла ў Нясвіжы, сфарміраваная з прыгонных сялян (гл. Нясвіжская капэла Радзівілаў). Не менш вядомы калектыў — слонімскі аркестр М.К.Агінскага (з 1765), у складзе якога было больш за 50 інструменталістаў і вакалістаў (капельмайстары Мейснер, Ю.Паўлі, А.Данезі і інш.). Высокім выканаўчым майстэрствам вылучаўся аркестр А.Сапегі ў Ружанах (у 1765—1820-х г. у Дзярэчыне; капельмайстар К.Кіпрыяні). Еўрап. вядомасць і прызнанне меў у 1765—85 гродзенскі аркестр А.Тызенгаўза (гл. Гродзенская капэла Тызенгаўза). «Капэлу духавой музыкі», рагавы аркестр, «аркестр хатняй музыкі» з запрошаных музыкантаў меў у Шклове ў 1788—99 С.Зорыч (гл. Шклоўскі тэатр Зорыча; капельмайстар І.Л.Стэфані). Да лепшых адносіліся аркестры З.Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Унікальнай з’явай у муз. жыцці Беларусі і за яе межамі была дзейнасць стр. ансамбля — квартэта прыгонных музыкантаў, створанага. кампазітарам-аматарам У.Кастрыёта-Скандэрбекам (гл. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека). Для забеспячэння творчай дзейнасці П.а. і к. пры іх ствараліся спец. муз. школы навучання ігры на стр., духавых інструментах, што закладвала асновы муз. педагогікі на Беларусі (гл. Музычная адукацыя, Музычныя школы). У 1740—60-х г. пры Слуцкай капэле Радзівіла дзейнічала муз. школа, у якой навучаліся музыканты са Слуцка і бліжэйшых вёсак. З 1751 у Нясвіжы існавала муз. школа (па навучанні ігры на габоі, фагоце, флейце, валторне, трубе і інш.), у якую набіралі дзяцей прыгонных сялян з Нясвіжа, Слуцка, Ляхавіч і інш. маёнткаў Радзівілаў. Падобныя муз. школы існавалі пры Слонімскім т-ры ў 1770—80-я г. М.К.Агінскага (гл. Слонімская капэла Агінскага), Ружанскім т-ры А.Сапегі, пры тэатр. школе А.Тызенгаўза (1774—80), потым у Паставах (да 1785; гл. Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). У муз. школах пры т-рах 8—10-гадовых дзяцей навучалі ігры на стр. і духавых інструментах (флейта, габой, кларнет, фагот, валторна, труба).
Літ.:
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Дадиомов О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982;
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.
А.Л.Карацееў.
т. 13, с. 63